Гісторыя

Рашэнне аб адкрыцці музея Рашэнне аб адкрыцці музея
Заснаванне

Гісторыя Мінскага абласнога краязнаўчага музея налічвае крыху больш за 60 гадоў. 31 ліпеня 1959 г. паводле рашэння № 422 выканаўчага камітэта Маладзечанскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных быў створаны Маладзечанскі абласны краязнаўчы музей. Пасля ліквідацыі Маладзечанскай вобласці згодна рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 09.02.1960 № 57 музей быў перайменаваны ў Мінскі абласны краязнаўчы музей, з 2001 г. - дзяржаўная ўстанова "Мінскі абласны краязнаўчы музей".

Першапачаткова музей размяшчаўся ў аднапавярховым драўляным будынку пабудовы 1951 г. па вул. Рэвалюцыйнай, 125 (цяпер – вул. Лібава-Роменская). Пачынаўся практычна з нуля. Навуковыя супрацоўнікі на чале з першым дырэктарам Г.М.Паўлавай заклалі асновы будучых фондавых збораў.

Праект сучаснага будынка музея, аўтар архітэктар І. М. Байцоў Праект сучаснага будынка музея, аўтар архітэктар І. М. Байцоў
Першыя гады iснавання

24 красавіка 1964 г. была адкрыта першая экспазіцыя, пра якую Г.А.Каханоўскі, вядомы беларускі вучоны, які працаваў у музеі з 1963 па 1982 г. (навуковы супрацоўнік, намеснік дырэктара па навуковай рабоце, дырэктар), успамінаў: “Гэта была амаль выстаўка, бо колькасць экспанатаў не перавышала 2 тысячы”. Наступныя змены стацыянарнай экспазіцыі адбыліся ў 1979 і ў 1984 гг. Усе яны былі пабудаваны, як гэтага патрабаваў час, строга па храналагічным прынцыпе. У пачатку 1990-х гг. музей пайшоў па шляху стварэння доўгатэрміновых выставак, пры пабудове якіх выкарыстоўваліся розныя метады: тэматыка-храналагічны, ансамблевы, калекцыйны.

Стары будынак музея Стары будынак музея
Развіццё

У 2006 г. музей атрымаў новы будынак па вул. Партызанская, 3 у г.Маладзечне. Да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сельскай гаспадаркі "Дажынкі-2011" у гэтым будынку адкрылася першая чарга пастаяннай экспазіцыі, у якой раскрываюцца самыя цікавыя і значныя падзеі ў гісторыі Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя.

Асноўны фонд музея па стану на 01.01.2023 налічвае 52 385 музейных прадметаў і размеркаваны па 37 фондавых калекцыях. Фонд навукова-дапаможных матэрыялаў налічвае 28719 адзінкі захоўвання.

Сучасны будынак музея Сучасны будынак музея
Сучаснасць

Кожны год у музеі экспануецца больш за 20 мастацкіх і тэматычных часовых экспазіцый з уласных фондаў і фондаў іншых устаноў, праводзяцца разнастайныя культурна-адукацыйныя і культурна-асветніцкія мерапрыемствы.

У розныя гады музеям кіравалі: Г.М. Паўлава, В.І. Носаў, Г.А. Каханоўскі, В.А. Ляшковіч, С.І. Марозаў, Т.С. Чаброўская, T.Л. Лянкевіч, Р.Г. Казановіч. З красавіка 2019 г. А.А.Чарнецкая.